Белорусский Конгресс Демократических Профсоюзов (БКДП) :: Новости » События в Беларуси » А.Ярашук: "Скасаваньне прэфэрэнцый – перадусім палітычная страта"

https://bkdp.org/index.php?p=news&area=1&newsid=235



А.Ярашук: "Скасаваньне прэфэрэнцый – перадусім палітычная страта"
Госьць “Начной Свабоды” – старшыня Беларускага кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў Аляксандар Ярашук.




Карэспандэнт: “Днямі Рада ААН выключыла Беларусь ды Кубу з "чорнага сьпісу" краінаў, якія патрабуюць сталага назіраньня за правамі чалавека. Як бы вы пракамэнтавалі гэтае рашэньне?”

Ярашук: “Я лічу, што трэба спакойна ставіцца да такіх падзей, таму што яны нічога абсалютна не вырашаюць і нічога істотнага ў сабе не нясуць. Магу спаслацца на прыклад, на які ўжо цяпер, можа, і забыліся: у свой час, два гады таму, Беларусь была абраная сябрам адміністрацыйнага савета Міжнароднай арганізацыі працы. Можна было тады ўспомніць, як беларуская прапаганда абвяшчала аб прарыву, посьпеху й г.д. – ну і што з таго часу здарылася? МАП у чарговы раз праявіў прынцыповасьць і гэтага сябру адміністрацыйнага савету ў чарговы раз занёс у спэцпараграф, за якім ужо былі наступствы з боку Эўразьвязу, скасаваньне прэфэрэнцыяў”.

“Палітычныя страты значна большыя, чым эканамічныя”

Карэспандэнт: “Якія страты могуць чакаць Беларусь у выніку скасаваньня прэфэрэнцыяў? Вас цытуюць у зьвязку зь лічбай 300 мільёнаў...”

Ярашук: “Цытуюць, але дакладна ніхто ня ведае... Я ў свой час задаваў гэтае пытаньне Эўракамісіі, я ведаю, што не адзін з вашых калегаў спрабаваў тады датэлефанавацца, атрымаць нейкую інфармацыю – адны кажуць 300, другія 400, ёсьць лічбы і 100, і 50... Я заўсёды кажу, што ня так важна, якія будуць лічбы. З майго гледзішча, тут размова ідзе не пра матэрыяльныя страты – я лічу, што гэта значна менш чым 400 ці 300 мільёнаў – размова ідзе пра тыя маральныя страты, якія нясе наша краіна, наш урад, моцны ўдар па іміджу краіны. Тут палітычныя страты значна большыя, чым эканамічныя. Напэўна, таму і была такой нэрвовай афіцыйная рэакцыя беларускага боку на гэтае рашэньне”.

“Важна не згубіць інструмэнт уплыву на пазыцыю ўладаў”

Карэспандэнт: “У інтэрвію вы сказалі: "У апазыцыі цяпер зьяўляецца рэальны інструмэнт уплыву на палітычную сытуацыю ў краіне". Якая ваша аргумэнтацыя, як апазыцыя гэта скарыстае?”

Ярашук: “Ведаеце, трэба яшчэ нейкую стратэгію распрацоўваць. Усё ня так выпадкова адбылося – каб было гэтае рашэньне, павінна была быць пэўная стратэгія, якая ўключала аб'яднаньне намаганьняў міжнароднага прафсаюзнага руху, МАП, Эўразьвязу... Што да далейшых падзей, то якраз зараз мы распрацоўкай такой стратэгіі мы – прафсаюзныя рухі і міжнародныя арганізацыі працы – займаемся. У мяне будзе сустрэча з амбасадарамі краінаў Эўразьвязу, бо менавіта пра гэта павінна зараз весьціся размова. Выключна важна не згубіць інструмэнт, з дапамогай якога можна паўплываць на пазыцыю афіцыйных беларускіх уладаў, на беларускі ўрад. Ёсьць ужо канкрэтныя пляны, якім павінен быць гэты інструмэнт”.

“На поставецкай прасторы толькі ў Беларусі назва прафсаюзаў – “дэмакратычныя”

Карэспандэнт: “Вы ўжо 5 гадоў кіруеце дэмакратычнымі прафсаюзамі...”

Ярашук: “Зь лістападу 2002 году, чатыры з паловай гады. Цікава, што я ніколі ў сваім жыцьці больш за чатыры з паловай гады нідзе не працаваў”.

Карэспандэнт: “Чаму вы вырашылі назваць гэтыя прафсаюзы “дэмакратычнымі”, а не "незалежнымі", "альтэрнатыўнымі", "недзяржаўнымі"?..”

Ярашук: “Гэтае рашэньне прымалася без майго ўдзелу. Арганізацыя стваралася ў 1993 годзе, калі некалькі незалежных прафсаюзаў, частка якіх дзейнічае і сёньня, прынялі рашэньне аб стварэньні БКДП. Гэтае пытаньне цікавіць і мяне, бо на поставецкай прасторы толькі ў Беларусі прысутнічае ў назьве прафсаюзаў слова “дэмакратычны” – збольшага “незалежныя”, “вольныя”, як ва Ўкраіне... Але я лічу, што тут той выпадак, калі "дэмакратычныя" – сынонім да слова "незалежныя".

“8 тысячаў свабодных грамадзян – ва ўмовах таталітарнай сыстэмы вельмі нямала”

Карэспандэнт: “Колькі цяпер чальцоў у незалежных прафсаюзах?”

Ярашук: “Усё адносна ў сьвеце. Калі браць колькасьць насельніцтва нашай краіны, то колькасьць чальцоў у нашых канкурэнтаў, ФПБ, каля 4 з паловай мільёнаў і 99% усіх працоўных, то ў нас толькі 8 з паловай тысяч. Але калі мець на ўвазе патэнцыял нашых чальцоў і патэнцыял Фэдэрацыі, калі мець на ўвазе палітычную сытуацыю, то 8 тысячаў свабодных грамадзян, не рабоў – гэта ва ўмовах таталітарнай палітычнай сыстэмы Беларусі вельмі нямала.

99% адсоткаў тых, хто сёньня знаходзіцца ў шэрагах ФПБ – гэта яскравы прыклад таталітарнай палітычнай сыстэмы краіны. Кожны другі ў сувязі з афіцыйнымі прафсаюзамі згадвае пуцёўкі. Але насамрэч прафсаюзы ствараюць самі людзі, для сябе, а ня зьверху яны ствараюцца. Менавіта з узьнікненьнем нашых прафсаюзаў зьявіўся тэрмін "уступіць у прафсаюз", таму што ў прафсаюзы савецкія, як і ў сёньняшнюю ФПБ, проста запісваюць, не пытаючыся, і паспрабуй толькі не запісацца”.

“Там, дзе дзейнічаюць нашы арганізацыі – самыя высокія заробкі”

Карэспандэнт: “А што могуць прапанаваць незалежныя прафсаюзы?”

Ярашук: “Самае галоўнае – як і ўсе прафсаюзы ў квітнеючых краінах – годны заробак і абарону працоўных, у тым ліку ахову працы належным чынам. Менавіта самая буйная наша арганізацыя, незалежны прафсаюз гарнякоў, якая налічвае 4 з паловай тысячы чальцоў, у 1992 годзе правяла 44-дзённы страйк, і пасьля гэтага з таго моманту і да гэтага дня ў гарнякоў самы высокі ўзровень заробкаў.

Нашы самыя буйныя арганізацыі дзейнічаюць на прадпрыемствах нафтахіміі, і менавіта там самыя высокія ў краіне заробкі, і толькі выключна таму, што там дзейнічаюць нашы арганізацыі, якія заключаюць не фармальныя, а сапраўдныя калектыўныя дамовы. І, дарэчы, самі кіраўнікі, калі яны асьмельваюцца пра гэта гаварыць, яны прызнаюць, што менавіта нашы прафсаюзы – гэта клясычныя прафсаюзы. Яны, можа, не зусім спрыяюць працы кіраўніка, але гэта годныя партнэры, на якіх можна сапраўднаму кіраўніку абаперціся”.

“Праўда Быкава – як аголеныя электрычныя правады”

Карэспандэнт: “Вы, сярод іншага, працавалі загадчыкам аддзелу аграрнай палітыкі ЦК КПБ. Вы выйшлі з партыі?”

Ярашук: “Мая партыйная біяграфія скончылася ў жніўні 1991 году. Можа, мне пашчасьціла, можа, бог паспрыяў, што даў мне нутраныя сілы вялікую працу над сабой правесьці, таму што канечне, было балюча ўсё пераасэнсаваць і прыйсьці да вытокаў, высноў, ідэалаў дэмакратыі і свабоды. З гэтага боку я магу быць сабой задаволены”.

Карэспандэнт: “У што вы верыце?”

Ярашук: “Я веру ў каханьне – гэта абсалютная каштоўнасьць”.

Карэспандэнт: “Сярод любімых пісьменьнікаў вы называеце Быкава. Што менавіта прыцягвае вас у ягонай творчасьці?”

Ярашук: “Праўда. Такая, як аголеныя электрычныя правады – праўда пра вайну. Мой дзядзька, у гонар якога мяне назвалі, загінуў на вайне, мой бацька ваяваў і шмат мне распавядаў пра вайну ў свой час”.



Версия для печатиВерсия для печати | 21-06-2007, 15:00:00