Белорусский Конгресс Демократических Профсоюзов (БКДП) :: Новости » События в Беларуси » З ДАПАМОГАЙ СВАБОДНАГА ПРАФСАЮЗА ЗВОЛЬНЕНЫ РАБОТНІК ПОЛАЦКАГА ЖКГ АТРЫМАЕ КАМПЕНСАЦЫЮ АД ПРАДПРЫЕМСТВА

https://bkdp.org/index.php?p=news&area=1&newsid=556



З ДАПАМОГАЙ СВАБОДНАГА ПРАФСАЮЗА ЗВОЛЬНЕНЫ РАБОТНІК ПОЛАЦКАГА ЖКГ АТРЫМАЕ КАМПЕНСАЦЫЮ АД ПРАДПРЫЕМСТВА

Суддзя Н.Гуйвік вынесла  рашэнне, што прадпрыемства  выплаціць Уладзімеру Губскаму ў якасьці кампенсацыі за звальненне 2156330 рублёў. У выплаце кампенсацыі маральнага ўрону ў памеры 4312670 рублёў – адмоўлена, паведамляе “Стекляшка”.



        Суд вынес таксама прыватнае вызначэнне аб парушэнні нормаў аховы працы на Полацкім КУП ЖКХ.

          Адміністрацыя прадпрыемства спрабавала збавіцца ад грамадскага актывіста не працягнуўшы з ім кантракт. Уладзімер запатрабаваў зьмяніць формулёўку на “звальненне па ініцыятыве работніка ў сувязі з парушэннем наймальнікам умоваў кантракту”. Для гэтага яму , з дапамогай юрыдычнай службы Свабоднага прафсаюзу,  давялося двойчы звяртацца ў Полацкую міжраённую інспекцыю па ахове працы. І калі на першы зварот ён атрымаў адпіску, то пасьля скаргі ў абласны аддзел інспекцыі была зроблена праверка прадпрыемства. Пад час гэтай праверкі выяўлена цэлы шэраг парушэнняў у сферы аховы працы і зафіксаваныя парушэнні наймальнікам умоваў кантракту работніка. Адміністрацыя прадпрыемства атрымала прадпісанне на ліквідацыю парушэнняў,  а дырэктар Уладзімір Шэдзько прыцягнуты да адміністрацыйнай адказнасці – ён выплаціць штраф.

- Мне канечне шкада, што я згубіў працу, дзе адпрацаваў больш 20 гадоў. Але гэта як вызваленне з рабства – надакучыла цярпець здзекі з боку начальства і парушэнні заканадаўства. Цяжка будзе знайсці новую працу з такім жа заробкам – але я не шкадую. Тыя што засталіся там працаваць пабачылі, што адзін чалавек з дапамогай Свабоднага прафсаюза можа зрабіць больш, чым увесь дзяржаўны прафсаюз – сказаў Уладзімер Губскі.

На судзе прадстаўніком Губскага быў Мікола Шарах, юрыст СПБ, намеснік старшыні Свабоднага прафсаюза па Віцебскай вобласці. Ён каментуе гэтую падзею:

- Мы ўжо расказвалі, што адмова працягнуць кантракт з Уладзімерам звязана з яго грамадзкай дзейнасцю. Прадухіліць звальненне работніка у сувязі з заканчэннем кантракту практычна немагчыма, калі наймальнік робіць гэта мэтанакіравана і не парушае працэдуру гэтага працэсу. У гэтым выпадку адчувалася, што на наймальніка ідзе адміністрацыйны ціск. Ён нават не змог прапанаваць міравога пагаднення. Хоць для прадпрыемства гэта было б матэрыяльна выгадней, чым звальненне з выплатай кампенсацыі. Думаю, што гэта звязана з тым, што КУП ЖКГ гэта гаспадарчае прадпрыемства Полацкага гарвыканкама. А ім відаць вельмі карцела паквітацца з Губскім за яго грамадзкую актыўнасць. Для гэтага ім ніякіх дзяржаўных грошай не шкада.

Цяпер, у выніку прадпісання інспекцыі працы на прадпрыемстве павінны зьмяніць штатнае распісанне, правесьці атэстацыю працоўных месцаў, выдаць работнікам спецвопратку і абутак, які яны не атрымлівалі больш за дзесяць гадоў.

          На пытанне суддзі, чаму гэта не рабілася раней, прадстаўнік наймальніка – юрыст прадпрыемства_ сціпла адказала: “Няма сродкаў”.  Але каб арганізаваць у канцы траўня чарговае ўсегарадзкое  трохдзеннае(або тыднёвае) сьвята(ўсегарадзкую п’янку) горада грошы заўсёды знаходзяцца.



Версия для печатиВерсия для печати | 30-04-2009, 19:17:00