АЛЯКСАНДР ЯРАШУК: "БЫЦЬ СЯБРАМ НЕЗАЛЕЖНЫХ ПРАФСАЮЗАЎ НЕБЯСПЕЧНА"
Старшыня Асацыяцыі прафсаюзаў "Беларускі Кангрэс дэмакратычных прафсаюзаў" Аляксандр Ярашук заўважае, што рэйтынг незалежных прафсаюзаў сёння значна вышэйшы за рэйтынг любой апазіцыйнай партыі. А паход апанента ўлады на выбары прафсаюзны бос параўноўвае з... гульнёй у напарсткі. Пра гэта і не толькі Аляксандр Ярашук распавёў у інтэрв'ю "Тут і цяпер".
Першыя ластаўкі
— Ці дарэчы сёння казаць аб тым, што адзначаецца масавы адток людзей з ФПБ?
— Я б не сказаў, што гэты адток мае масавы характар. Магу ўзяць на сябе адказнасць і заявіць, што ў найбліжэйшы час не будзе масавага выхаду людзей з ФПБ. Справа ў тым, што рэжым валодае яшчэ дастатковым рэсурсам для таго, каб кантраляваць працоўных, у тым ліку і праз ФПБ. Але цалкам відавочна, што магчымасці ўлады слабеюць, і сёння працоўныя разглядаюць Федэрацыю прафсаюзаў Беларусі як частку таталітарнай сістэмы, пры дапамозе якой іх трымаюць у кабале. Дзякуючы ФПБ іх перавялі на кантракты, і многія ўсведамляюць, што гэтая арганізацыя не абараняе працоўных ад дзяржавы, а наадварот, абараняе дзяржаву ад працоўных.
Што да адтоку людзей з ФПБ, то я сказаў бы, што такія падзеі як на «Граніце» ў Мікашэвічах гэта як першыя ластаўкі, якія надвор'я не робяць, але абвяшчаюць тое, што вясна непазбежная. Рэжым разумее, з якой пагрозай ён сутыкнуўся. Гэта ж не выклік з боку палітычнай апазіцыі, якую змаглі дыскрэдытаваць і аслабіць. Рабочых немагчыма залічыць у лік апазіцыі, гэтак жа, як і незалежныя прафсаюзы немагчыма прадставіць у якасці апазіцыйнай партыі. Таму я лічу, што ўлада адчувае: у яе няма зброі, каб змагацца з працоўнымі, і таму ўсе іх патрабаванні, напрыклад, аб павышэнні зарплаты, адразу задавальняюцца.
— Можаце папулярна растлумачыць, чаму людзі не ўступаюць у незалежныя прафсаюзы? Бо і ў ФПБ ёсць маса незадаволеных грамадзян, але яны чамусьці не бягуць да вас...
— Незалежныя прафсаюзы — гэта доля вельмі смелых людзей.
— То бок пайшоў у незалежны прафсаюз — значыць, аўтаматычна запісаўся ў апазіцыю?
— Усё больш сур'ёзна, чым вы сабе ўяўляеце. Радавых членаў апазіцыйных партый ніхто не ведае, а сябры незалежнага прафсаюза заўсёды на вачах — яны працуюць на прадпрыемстве, рэгулярна праз бухгалтэрыю плацяць складкі. Іх ведаюць не толькі па прозвішчах, але і ў твар. І ў іх ёсць рызыка страціць працу пасля заканчэння тэрміну працоўнага кантракта. Амаль на ўсіх прадпрыемствах нашы сябры стаяць перад выбарам: або праца, або прафсаюз.
Сёння на прыкладзе таго ж «Граніта» бачна, што ўлада нават і думкі не дапускае пра тое, што ў краіне можа існаваць прафсаюзны плюралізм і могуць быць яшчэ нейкія прафсаюзы, акрамя тых, якія цалкам падкантрольныя чынавенству. Варта было толькі рабочым «Граніта» масава выйсці з ФПБ, як на іх абрынуліся рэпрэсіі. Сёння мы выкарыстоўваем усе магчымыя метады і сродкі, каб паўплываць на сітуацыю, выказаць салідарнасць.
Дарэчы, зарэгістраваны ў Вільні НІСЭПД у адным са сваіх апошніх даследаванняў адзначыў: 33 працэнты апытаных не ўступаюць у незалежныя прафсаюзы па той прычыне, што гэта небяспечна. На мой погляд, гэта даволі значная лічба.
— І гэта пры тым, што незалежныя прафсаюзы не займаюцца палітыкай, а толькі правамі працоўных. Так?
— Так. Кожны трэці з апытаных шчыра сказаў, што баіцца. Ёсць над чым задумацца...
Трэба забяспечваць перамены ў краіне, таму што калі гэтага не будзе, то ніколі не будзе і перспектывы ў незалежнага прафсаюзнага руху.
Я за тое, каб беларуская апазіцыя ў рэшце рэшт перастала ратаваць рэжым і выступаць у якасці яго спарынг-партнёра. Гэта як гульня ў напарсткі...
Некаторыя папракаюць незалежныя прафсаюзы тым, што мы ўхіляемся ад палітычнай барацьбы. Я лічу, што так кажуць тыя, хто хоча бачыць прафсаюзныя арганізацыі прыладай для дасягнення сваiх мэт. Зразумела, што гэта проста недапушчальна. І нам нецікава займацца такой сумніўнай дзейнасцю. Наша сфера — сацыяльна-эканамічная палітыка.
Але павінен заўважыць, што рэйтынг незалежных прафсаюзаў значна вышэйшы за рэйтынг ФПБ і любой палітычнай партыі. І наша задача — падтрымліваць і ўзмацняць гэты давер.
— Аляксандр Ільіч, а калі асабіста вы ў апошні раз былі на якім-небудзь прадпрыемстве?
— Я рэгулярна там бываю. Апошнiм часам наведваў ААТ «Беларуськалій» і ААТ «Нафтан». Ёсць шэраг прадпрыемстваў, кіраўніцтва якіх ў цэлым нармальна ўспрымае факт нашага існавання і не чыніць перашкод у дзейнасці. Але пры гэтым ёсць прадпрыемствы, куды незалежныя прафсаюзы ўвогуле не пускаюць і катэгарычна не жадаюць прызнаваць як арганізацыю.
— Некаторыя прафсаюзныя дзеячы прагназавалі, што да вясны сітуацыя ў краіне толькі пагоршыцца і завадчане абавязкова выйдуць на вуліцы з маршамі пратэсту. Цяпер быццам бы ўсё адносна стабільна. Як думаеце, ці варта чакаць вулічных хваляванняў?
— Я не бачыў раней і сёння не бачу прыкметы таго, што можа нешта адбыцца. Ва ўлады ёсць запас трываласці, яна гатова кантраляваць сітуацыю, у тым ліку і палітычнымі сродкамі, выкарыстоўваючы рэпрэсіўны апарат. І сур'ёзная эканамічная падтрымка з боку Расіі дазволіць не давесці сітуацыю да крытычнай мяжы. Але выключаць нічога нельга, бо вельмі ўжо перакручаны гайкі…
Гульня ў напарсткі
— А што вы думаеце пра парламенцкія выбары? Як на вашу думку, ці трэба апазіцыі ўдзельнічаць у іх?
— Палітычны працэс у Беларусі даўно скончыўся. З майго пункта гледжання, гэта адбылося ў 2006 годзе. І з тых часоў любы ўдзел апазіцыі ў якіх-небудзь кампаніях — гэта выратаванне і легітымізацыя рэжыму.
— Гэта значыць, вы за байкот?
— Не. Я за тое, каб беларуская апазіцыя ў рэшце рэшт перастала ратаваць рэжым і выступаць у якасці яго спарынг-партнёра. Гэта як гульня ў напарсткі...
Як гэта ні горка, але ў нейкі момант апазіцыя стала люстэркам улады. Яна робіць тое, чаго ад яе чакае Лукашэнка. А дзейнічаць трэба непрадказальна, каб немагчыма было пралічыць наступны ход.
Мне здаецца, я гуляю на крыху іншым узроўні і ў іншай лізе. І тэма парламенцкіх выбараў мне зусім нецікавая, таму што гэта тое самае, што ў чарговы раз наступаць на адны і тыя граблі... Я лічу, што лепш заставацца самім па сабе, чым, мабыць, выклікаю незадаволенасць і з аднаго, і з другога боку.
02.05.2012 |
| ![]() |