У ЦЭНТРЫ МІЖНАРОДНАЙ УВАГІ БУДЗЕ СЫТУАЦЫЯ НА «ГРАНІЦЕ»
Хоць Беларусь трапіла адразу ў два сьпісы парушальнікаў правоў прафсаюзаў — кароткі і доўгі, пытаньне пра парушэньні так і не было разгледжанае ў Жэнэве, дзе завяршылася паседжаньне Камітэту па нормах і стандартах Міжнароднай арганізацыі працы. Пра гэта «Свабодзе» паведаміў старшыня Беларускага кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў Аляксандар Ярашук, які вярнуўся з Жэнэвы.

«Гэтым разам не абмяркоўвалі ніводную краіну з тых 49, дзе парушаюцца правы прафсаюзаў, і з тых 25, дзе яны асабліва парушаюцца. Такі збой у практыцы МАП адбыўся ўпершыню аж з 1926 году. Працадаўцы з шмат якіх краінаў сьвету, якіх запрасілі на гэтае паседжаньне, дэманстратыўна пакінулі залю. Яны скарысталіся адным з параграфаў рэглямэнту, спаслаўшыся на тое, што зь імі не ўзгаднілі папярэдне некаторыя пытаньні. Каб такое больш не паўтарылася, мабыць, давядзецца ўносіць зьмены ў рэглямэнт працы. І гэта мяркуюць зрабіць сёлета, у лістападзе, на радзе МАП», — заявіў Ярашук.
Ён таксама паведаміў, што ён правёў у Жэнэве шэраг сустрэч, у тым ліку і з новым кіраўніком МАП.
На іх прафсаюзны лідэр распавёў пра цяперашнюю сытуацыю ў Беларусі: «Мы дамовіліся пра тое, якія наступныя крокі будуць ажыцьцяўляцца. Яны гатовыя быць у Беларусі ў любы момант. Але пакуль усё залежыць ад добрай волі беларускага ўраду. Бо ніхто ня можа прыехаць сюды без спэцыяльнага запрашэньня. У любым выпадку ў цэнтры ўвагі будзе сытуацыя на „Граніце“. Бо менавіта яна як у фокусе адлюстравала ўсю складанасьць і ненармальнасьць з правамі прафсаюзаў у нашай краіне».
У 2007 годзе за парушэньні правоў прафсаюзаў Эўразьвяз прыпыніў для Беларусі рэжым гандлёвых прэфэрэнцыяў. Гэта павысіла на 3% экспартнае мыта для беларускіх тавараў. Каб вярнуць прэфэрэнцыі, беларускія ўлады павінны выканаць 12 рэкамэндацыяў МАП. У прыватнасьці, яны павінны даць незалежным прафсаюзам магчымасьць рэгістраваць свае першасныя арганізацыі, даць ім права працаваць нароўні з афіцыйнымі прафсаюзамі, спыніць перасьлед грамадзянаў паводле прафсаюзнай прыналежнасьці.