ЦІ ЗМОГУЦЬ НЕЗАЛЕЖНЫЯ ПРАФСАЮЗЫ ПАЎТАРЫЦЬ ПОСПЕХ ПОЛЬСКАЙ «САЛІДАРНАСЦІ»?
Незалежны інстытут сацыяльна-эканамічных і палітычных даследаванняў (НІСЭПД), які зарэгістраваны ў Вільнюсе, апублікаваў вынікі апошняга, снежаньскага, нацыянальнага апытання.http://nv-online.info.
Сярод шэрагу пытанняў адно тычылася рэйтынгу даверу насельніцтва чыноўнікам. У рэспандэнтаў пацікавіліся, з якім з меркаванняў аб беларускіх чыноўніках яны згодныя:
— чыноўнікі рэальна дапамагаюць людзям у вырашэнні іх праблем,
— чыноўнікі глухія да патрэб людзей, таму што няма за імі кантролю зверху,
— чыноўнікі глухія да патрэб людзей, таму што няма дэмакратычнага кантролю знізу.
Толькі 14% апытаных адказалі, што чыноўнікі рэальна дапамагаюць людзям. Значная большасць рэспандэнтаў пагадзілася з тым, што да праблем простых беларусаў чыноўнікі глухія. 43,5% падтрымалі тлумачэнне, што да людскіх клопатаў чыноўнікам няма справы таму, што іх працу не кантралююць зверху, 33,8% — што няма дэмакратычнага кантролю знізу.
Яшчэ адну асаблівасць дадзенага апытання выдзяляюць сацыёлагі: падзенне даверу рэспандэнтаў да дзяржаўных інстытутаў. Прычым абсалютна да ўсіх — ад урада і мясцовых выканкамаў да судоў і міліцыі. А вось да недзяржаўных інстытутаў давер, наадварот, узрос. Лідарам росту такога даверу сталі аб’яднанні прадпрымальнікаў і незалежныя прафсаюзы. “Калі ўлічыць, што па абсалютным значэнні рэйтынг незалежных прафсаюзаў у снежні 2012 г. амаль у два разы перавышаў рэйтынг палітычных партый — 38,7% супраць 20,0%, — робяць выснову сацыёлагі НІСЭПД, — а таксама схільнасць беларусаў аддаваць перавагу эканамічным праблемам перад праблемамі палітычнымі, то ў беларускіх незалежных прафсаюзаў з’яўляецца шанец у будучыні паўтарыць поспех польскай “Салідарнасці”. Але ці скарыстаюцца яны гэтым шанцам — гэта будзе залежаць ад збегу цэлага шэрагу аб’ектыўных і суб’ектыўных фактараў”.
14.01.2013 |
| ![]() |