СЯРГЕЙ АНТУСЕВІЧ: КАЛІ ПРАДАЦЬ УСЕ ПРАДПРЫЕМСТВЫ, ТО ГРОШАЙ ХОПІЦЬ ТОЛЬКІ ДЛЯ НАЧАЛЬСТВА

У Беларусі афіцыйнае беспрацоўе складае 0,5 %. Няшмат людзей згаджаецца зарэгістравацца ў якасці беспрацоўных, бо гэта не прыносіць карысці ды звязанае з пэўнымі дадатковымі абавязкамі на карысць дзяржавы, лічыць намеснік кіраўніка Беларускага Кангрэса дэмакратычных прафсаюхаў Сяргей Антусевіч. belsat.eu
Паводле госця «Гарачага каментара», грамадзяне Беларусі абіраюць лягчэйшы шлях – працоўную міграцыю. Тых жа, хто хоча знайсці добрую працу ў Беларусі, чакае расчараванне, бо не ўсе прапанаваныя працоўныя месцы могуць адпавядаць амбіцыям і жыццёваму стандарту некаторых беларусаў.
Сяргей Антусевіч падкрэсліў, што дзейная ў Беларусі кантрактная сістэма фактычна спыніла ўсе праявы крытыкі беларускага начальства з боку кіраўнікоў. «Яна закрыла раты тым, хто мог крытыкаваць кіраўніцтва прадпрыемства і краіны. Кантрактная сістэма бізуном б’е па актыўных людзях», – заўважыў дзеяч.
Паводле прафсаюзнага актывіста, ёсць небяспека, што несправядлівы дэкрэт № 9, згодна з якім работнікі дрэваапрацоўчых прадпрыемстваў не могуць звальняцца самі, можа быць прыменены ў іншых галінах, напрыклад, у сельскай гаспадарцы. «Нават калі працаўнікі самі не рэагуюць, мы мусім «біць у званы» і змагацца з тым, што парушаюцца пэўныя нормы і правы», – скаментаваў госць «Белсату».
Працоўную міграцыю з Беларусі можна спыніць толькі тады, дадаў Сяргей Антусевіч, калі ў краіне запануе свабодная рыначная эканоміка. «Калі такімі спосабамі, як дэкрэт № 9, будзе рэгулявацца ўся эканоміка, то нічога тут не будзе. Можна прадаць усе прадпрыемствы, але гэтых грошай хопіць толькі на кароткі час і толькі для кіроўнай верхавіны», – лічыць прафсаюзны актывіст.
03.02.2013 |
| ![]() |