ЦІ ПРАДАДУЦЬ “ГРОДНА АЗОТ” РАСІІ?
Прадпрыемства “Гродна Азот” могуць прадаць Расіі. Такая інфармацыя ў апошнія дні з’явілася ў шэрагу СМІ. Гаворыцца пра тое, што ўмовай выдзялення чарговага крэдыту Беларусі расійскі бок ставіць прыватызацыю прадпрыемстваў, у тым ліку і гарадзенскага хімічнага гіганту. Як адзначыў у эфіры Радыё Рацыя www.racyja.eu намеснік старшыні Беларускага кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў Сяргей Антусевіч, магчымы продаж “Гродна Азота” абмяркоўваецца ўжо даўно:
Прадпрыемства “Гродна Азот” могуць прадаць Расіі. Такая інфармацыя ў апошнія дні з’явілася ў шэрагу СМІ. Гаворыцца пра тое, што ўмовай выдзялення чарговага крэдыту Беларусі расійскі бок ставіць прыватызацыю прадпрыемстваў, у тым ліку і гарадзенскага хімічнага гіганту. Як адзначыў у эфіры Радыё Рацыя намеснік старшыні Беларускага кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў Сяргей Антусевіч, магчымы продаж “Гродна Азота” абмяркоўваецца ўжо даўно:
РР: “Гродна Азот” можа быць прададзены Расіі. Як на гэтую інфармацыю адрэагавалі рабочыя?
Сяргей Антусевіч: Па-першае, гэта не навіна. Яшчэ ў 1996 годзе былі першыя спробы прыватызаваць ці прадаць частку, ці цалкам “Азот”. Вось з гэтага часу фактычна вядзецца гісторыя так званай прыватызацыі. Першую спробу рабіў “Газпром”, цяпер гэта робяць ужо ў больш жорсткім рэжыме розныя расійскія нафта-хімічныя кампаніі. Прычым увесь спектр расійскай нафтахіміі спрабуе тым ці іншым чынам паўдзельнічаць у гэтых перамовах. Магу сказаць толькі адно, што рабочыя застануцца працаваць на сваіх працоўных месцах. Гэта было цікава ў 1996 годзе, у 2003 годзе, калі ішло акцыянаванне. Цяпер, калі ў рабочых ёсць пакет акцый, якія складаюць 0,036% акцый, і ўсяго толькі 536 чалавек з 10 000, якія мелі магчымасць удзельнічаць у акцыянаванні, набылі гэтыя акцыі, то, натуральна, ні пра які ўплыў і інтарэс з боку працоўных на тое, хто заўтра прыйдзе, гаворка не ідзе. Ідзе гаворка толькі пра тое, каб былі захаваныя працоўныя месцы і каб людзі атрымлівалі нармальны, дастойны заробак.
РР: Што перашкаджае завершыць гэты працэс: палітычная воля кіраўніка дзяржавы?
Сяргей Антусевіч: Па-першае, “Гродна Азот” – гэта сапраўды стратэгічнае прадпрыемства. Завод спажывае 10% усяго прыроднага газу, што прыходзіць у Беларусь. Таму, натуральна, што і палітычную эліту, і кіраўніка дзяржавы цікавіць, як складзецца лёс гэтага прадпрыемства. Але мы не павінны забывацца пра тое, што састарэлі тэхналогіі, якія былі там выкарыстаныя, і апошні магутны цэх быў пабудаваны ў 1985 годзе! Таму натуральна, што патрэбныя новыя тэхналогіі. Натуральна, што павінны быць прыцягнутыя інвестыцыі. Без гэтага завод развівацца не будзе. А ў гэтым выпадку ў нас кожнае пытанне залежыць ад палітычнай волі кіраўніка дзяржавы.
РР: “Гродна Азот” – сёння гэта стабільнае прадпрыемства?
Сяргей Антусевіч: Так, гэта складзены калектыў у першую чаргу. Гэта стабільнае прадпрыемства. Але, на жаль, яно сапраўды шмат у чым залежыць ад рэсурсаў і ў першую чаргу – ад расійскага газу.
Сяргей Антусевіч таксама прыгадаў, што прэм’ер-міністр Беларусі Міхаіл Мясніковіч нядаўна прапанаваў у Індыі купіць “Гродна Азот”. Некаторыя выказваюць меркаванне, што Расія можа патрабаваць прадпрыемства ўзамен за скандал з растваральнікамі.