ДЫРЭКТАР ЖКГ ЗВАЛЬНЯЕ АПЕРАТАРА КАЦЕЛЬНАЙ ЗА НЯПРАВIЛЬНУЮ IДЭАЛОГIЮ
Паведамленне аб непрацягненні кантракта на новы тэрмін ад дырэктара Полацкага прадпрыемства ЖКГ атрымаў аператар адной з кацельняў прадпрыемства сябра Свабоднага прафсаюзу, грамадзкі актывіст Уладзімер Губскі, певедамляе iнфармацыйны бюлетэнь “Стекляшка” Свабоднага прафсаюза на ОАО “Полацк-Шкловалакно”.
Прэтэнзіі да спадара Губскага ў начальства з’явіліся пасьля таго, як ён у ліпені 2008 году падаў заяўку на пікет у Полацку па тэме пераймення гарадзкіх вуліцаў. Некаму з гарвыканкама тады вельмі не спадабалася яго грамадская пазіцыя і на прадпрыемства паступіла каманда запалохаць работніка і прымусіць яго забраць заяву назад. Да гэтага тады асабліва спрычыніліся ідыёлаг прадпрыемства Сяргей Капітан(былы намеснік мэра горада) ды начальнік цепласетак Аляксандр Макарэвіч. Мы пра гэта пісалі ў нумарах 4 і 7 “Стекляшки”_за 2008 год. Тады спадар Уладзімер вытрымаў ціск і не здаўся, хоць Макарэвіч нават пагражаў фізічнай расправай, а намеснік мэра Мікалай Іллюшонак атрымаў папярэджанне ад полацкага пракурора.
Цяпер, зводзячы рахункі, дырэктар ЖКГ В.Шэдзько вырашыў не працягнуць з Губскім кантракт.
Уладзімер адзіны у горадзе аператар кацельнай з вышэйшай адукацыяй, адпрацаваў на прадпрыемстве больш 17 гадоў, не жанаты, апякуецца над старым бацькам-пенсіянерам, удзельнікам Вялікай Айчыннай вайны. Уладзімер актыўна ўдзельнічае ў грамадзкім жыцці Полацка, аматар яго гісторыі, краязнаўца, шмат папрацаваў ў свой вольны час на раскопках і даследваннях яго гістарычных месцаў. На працягу некалькіх гадоў ён быў адзіным сябрам Свабоднага профсаюзу на полацкім прадпрыемстве ЖКГ, якое мае больш тысячы работнікаў.
Кажа рэгіянальны лідэр СПБ Мікола Шарах:
Кантрактная сістэма была прынята для гэтага і таму стала звыклай зброяй ў расправе з няўгодным работнікам. Калі гультая ці п’яніцу можна звольніць у любы час, то сумленнага работніка – толькі па сканчэнні кантракту. Прафсаюз канечне зробіць усё што можа каб абараніць правы свайго сябры, але перамагчы гэтую сістэму можна толькі супрацівам усяго народу.
Уладзімер Губскі кажа:
Я не сумняваюся, што гэта пераслед за маю грамадзянскую пазіцыю. Я заходзіў да дырэктара пасля таго як атрымаў папярэджанне аб непрацягненні кантракта, але ён не стаў са мной доўга размаўляць: “Нам твае паслугі непатрэбныя” – сказаў Шэдзько. Звальненне аператара кацельнай пад час ацяпляльнага сезону – справа рызыкоўная. Праца ў нас цяжкая – топім катлы мясцовым палівам – дравамі, якія іншы раз такога памеру, што нялёгка ў кацёл запіхнуць. Знайсці на паўтары месяцы такой працы новага работніка будзе нялёгка. А мы ацяпляем дзіцячы садок. Але дырэктар пайшоў на гэта, бо іх больш цікавіць не як работнік працуе, а наколькі ён ідыялагічна правільны. Я адстойваў сваю чалавечую годнасць і не шкадую.
Свабодны прафсаюз заклікае усіх, хто хоча падтрымаць спадара Губскага дасылаць свае лісты на факс Полацкага ЖКГ -8-0214-46-29-73, Уладзіміру Шэдзько, дырэктару Полацкага КУП ЖКГ.
27.02.2009 |
| ![]() |