МВФ: РОСТ ЗАРОБКАЎ У БЕЛАРУСІ НЕ МАЕ ЭКАНАМІЧНЫХ ПАДСТАЎ
Пастанова Саўміна аб павышэнні тарыфнай стаўкі першага разраду і ўказ Аляксандра Лукашэнкі аб устанаўленні мінімальнага заробку 400 тысяч рублёў не пакінулі абыякавымі прадстаўнікоў МВФ, паведамляе Радыё Свабода.
27 верасня Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандар Лукашэнка падпісаў указ, паводле якога прадугледжана ўстанавіць на лістапад-снежань 2010 года мінімальны заробак памерам 400 тысяч рублёў, пагадзінны мінімальны заробак памерам 2360 рублёў. Такім чынам, мінімальная заработная плата павялічыцца на 54,7 працэнты, а пагадзінная мінімальная заработная плата - на 54,2 працэнты.
"Мы не бачым эканамічных падстаў для гэткага значнага росту заробку. Рост заробкаў павінен адпавядаць росту прадукцыйнасьці працы... Мне не зразумела, чым тлумачыцца такое істотнае павышэнне", - заявіла ў інтэрвію Reuters прадстаўнік МВФ у Беларусі Наталля Калядзіна.
Цяперашняе павышэнне з'яўляецца самым значным за апошнія гады і, як раней ацэньвалі ўлады, запатрабуе дадаткова каля 7 трыльёнаў беларускіх рублёў і павелічэння дэфіцыту бюджэту да 3,0% ВУП.
"Падвышэнне заробкаў прывядзе да росту ўнутранага попыту і росту попыту на імпартныя тавары і паслугі... Гэта азначае пашырэнне дэфіцыту бюджэту і змяненне структуры выдаткаў бюджэту... Ураду трэба будзе генерыраваць даходы, каб фінансаваць дадатковыя выдаткі, а гэта запаволіць зніжэнне падатковай нагрузкі", - сказала Калядзіна.
"У рамках праграмы прадугледжваўся пэўны рост заробкаў і пенсій. Аднак такое значнае падвышэнне, безумоўна, не адпавядае нашым дамоўленасцям", - падкрэсліла яна.
У лістападзе ў Беларусь прыедзе чарговая місія МВФ. Беларускія ўлады са студзеня 2009 года па красавік 2010 года рэалізуюць праграму МВФ stand-by па стабілізацыі плацёжнага балансу. У рамках гэтай праграмы МВФ выдаў Беларусі крэдыт на 3,5 мільярда даляраў.
29.09.2010 |
| ![]() |