СТАРШЫНЮ СПБ МИХАІЛА КАВАЛЬКОВА ДАПЫТАЛІ У КДБ
Старшыню Свабоднага прафсаюзу Беларускага Міхаіла Кавалькова дапыталі ў бабруйскім КДБ. Позву актывісту прывезьлі на працу, на Бабруйскі завод трактарных дэталяў і агрэгатаў. У КДБ яго выклікалі як сьведку. Допыт доўжыўся больш за дзьве гадзіны, паведамляе радыё “Свабода”.
Кавалькоў: «У КДБ са мной правялі прафіляктычную гутарку, каб больш я ня ўдзельнічаў у несанкцыянаваных мерапрыемствах. Гэта здымалася на камэру. Сьледчы сказаў, што мяне паставілі на прафіляктычны ўлік. Дамагаліся адказаў на пытаньні: „Як ехаў?“, „Дзеля чаго ехаў?“. Я адказаў, што паехаў на плошчу паводле сваіх перакананьняў. Я настаяў, каб было запісана, што канчатковае рашэньне я прыняў тады, калі Лукашэнка заявіў, што на плошчы ня будзе ніводнага чалавека. У пратаколе таксама запісана, што апошнія выбары былі ў Беларусі ў 1994 годзе».
Міхаіла Кавалькова затрымалі на плошчы Незалежнасьці 19 сьнежня. За ўдзел у акцыі пратэсту пакаралі дзесяцьцю суткамі адміністрацыйнага арышту. На заводзе трактарных дэталяў і агрэгатаў ён кіруе суполкай Свабоднага прафсаюзу Беларускага.
17.01.2011 |
| ![]() |