ЛЮДЗІ ГІНУЦЬ... НА ПРАЦЫ
Гомельская пракуратура заклапочана тым, што ў вобласці шмат грамадзян гіне і траўміруецца на вытворчасці. Гэта паведамілі на калегіі ведамства пад час абмеркавання практыкі нагляду за выкананнем заканадаўства аб ахове працы, пажарнай і прамысловай бяспекі ў мінулым годзе. На вытворчасці загінулі 28 і траўміраваны 104 работнікі. Павялічылася колькасць пацярпелых з цяжкім вынікам найперш у арганізацыях Мінпрама, канцэрна “Беллеспаперпрам”, Мінсельгасхарча”, а таксама на камунальных прадпрыемствах. Найбольш трывожная сітуацыя ў Гомельскім, Мазырскім, Добрушскім, Жлобінскім, Брагінскім раёнах і ў самім Гомелі, паведамляе «Народная воля».
Асноўныя прычыны траўматызму і гібелі людзей зводзяцца да грубых парушэнняў тэхнікі бяспекі, неадпаведнасці бяспечным умовам працы тэхнічнага аснашчэння на прадпрыемствах і, безумоўна, ігнараванне адказнымі асобамі адпаведных патрабаванняў. Былі зафіксаваны выпадкі, калі адказныя работнікі (у Новабеліцкім раёне Гомеля і ў Чачэрскім раёне) спрабавалі ўтаіць выпадкі траўматызму. Натуральна, па гэтых фактах былі заведзены крымінальныя справы. Набралася 10 такіх спраў. Апроч таго, 37 асобаў прыцягнуты да дысцыплінарнай адказнасці, 9 — да адміністрацыйнай і матэрыяльнай.
16.03.2011 |
| ![]() |