Блоги (мнения)
Памяці Віктара Крывога...
Сумная навіна напаткала нас сёння. Пайшоў з жыцця Віктар Іванавіч Крывой, былы дырэктар юрыдычнага дэпартаменту беларускага парламенту. Віктар Іванавіч з’яўляўся прафесіяналам вышэйшай пробы. Дастаткова сказаць, што гэта быў адзіны доктар юрыдычных навук па працоўнаму праву ў нашай краіне. Ён спрычыніўся да падрыхтоўкі цэлага шэрагу законаў, якія леглі ў аснову працоўнага заканадаўства Беларусі ад пачатку набыцця ёю незалежнасці. Ужо гэтага было б дастаткова, каб грунтоўна ўвайсці ў яе гісторыю. Але мы будзем памятаць Віктара Іванавіча не толькі як непараўнальнага прафесіянала, а перад усім – як грамадзяніна з вялікай літары. Як сумленны і шчыры чалавек, ён не мог мірыцца з дэградацыяй працоўнага заканадаўства ў краіне і дэградацыяй асоб, якія ўвасаблялі сабой гэты працэс, зрабіўшы выбар на карысць каньюнктуры.
Менавіта на гэтай глебе мы з ім блізка зышліся падчас пагрозы перанясення дэкрэту №29 аб кароткатэрміновых кантрактах і дэкрэту №5 аб празмерных пакараннях працоўных у Працоўны кодэкс. І ў тым, што цэлыя тры гады ўлада не рашалася зрабіць гэты крок, тое, што ў канчатковы варыянт закона не трапілі найбольш драконаўскія захады, безумоўна, вялікая роля належыць нашым сумесным намаганням і асабіста прынцыповай пазіцыі Віктара Іванавіча. Ён не цырымоніўся ў выразах падчас кантактаў з чыноўнікамi Мінпрацы і дэпутатамі ПП НС, якія бралі на сябе ганебную ініцыятыву прасоўваць скандальны закон, і даваў ім у вочы бязлітасныя характэрыстыкі як людзям, якія дзеля асабістых інтарэсаў гандлююць сумленнем і ставяць пад пагрозу таталітарызму сферу працоўных адносін краіны і будучыню нашых дяцей і ўнукаў. Падчас гэтай эпапеі барацьбы за захаванне правоў працоўных мы сталі блізкімі сябрамі з Віктарам Іванавічам, і таму такім болем адгукнулася ў сэрцы горкая навіна, што ён зышоў з жыцця. Развітваючыся сёння з сапраўдным чалавекам і грамадзянінам Беларусі, хочацца сказаць толькі адно: лепшай памяццю для Віктара Іванавіча Крывога стане, калі аднойчы мы зробім тое, за што ён так аддана змагаўся – узновім законнасць для працоўных, вернем ім іх правы. Каб ніколі і ніхто больш не меў спакусу рабіць з беларускіх рабочых прыгонных, рабоў. Спі спакойна, дарагі сябар! Хай будзе пухам табе родная беларуская зямелька! Аляксандр Ярашук, старшыня БКДП |
Обновлено
04.07.2019
Оценка
|
| ![]() |
ТОП НОВОСТИ