Не па законе, а па паняццях...
Аляксандр Лукашэнка, які з такой шчырасцю прамовіў аб гатоўнасці адкруціць галаву шчанюку – вучню чацвёртага класа, нічога новага нам пра сябе не адкрыў. Гэта той самы дырэктар саўгаса “Гарадзец”, які не аднойчы даваў волю сваім рукам і пакалочваў механізатараў трыццаць год таму. Дзіўнае тут не тое, што ён аказаўся цалкам прадказальны і застаўся пры сваіх перекананнях, што біць не толькі можна, але і неабходна, а тое, што ён ніякіх высноў не зрабіў з таго, як павучальна легла карта яго асабістага лёсу. Замест прысуду і турмы за нанясенне цялесных пашкоджанняў механізатару, яго імкліва узнесла на прэзідэнцкую пасаду. Чым яшчэ раз было засведчана, што славу ад ганьбы, бездань ад вяршыні аддяляе часам мікраскапічная адлегласць, імя якой - выпадковасць, ці збег абставінаў. Таму варта было б Лукашэнку пра гэта памятаць і па-філасофску ставіцца да ўсяго, што з ім адбылося. Маючы на ўвазе, што, калі адначасна так высока цябе ўзнесла, то гэтак жа імкліва, у адно імгненне, можа і абрынуць ўніз. Асабліва калі ты імкнешся жыць і ўсё рабіць не па законе, а па паняццях. Мы не жадаем Лукашэнку дрэннага, той жа турмы. Але, калі аднойчы гэта здарыцца, то нікога, акрамя самога сябе, вінаваціць яму не прыйдзецца. Таму што, як і 30 год таму, ён па-ранейшаму паміж дабром і злом абірае зло, паміж законам і гвалтам абірае гвалт. Можа, і пранясе яго, і пры жыцці ён пазбегне суворага разліку за ўсё, што нарабіў і што пасеяў. Але, калі і пранясе, што зусім не факт, то рана ці позна, праз дваццаць, сорак, сто гадоў гісторыя непазбежна вынясе яму заслужаны прысуд. І гэты прысуд для чалавека, які праваліў свой галоўны ў жыцці экзамен – экзамен на чалавечнасць і міласэрнасць, без чаго нельга ўявіць пасаду кіраўніка дзяржавы, будзе не толькі законны, але і справядлівы… |
Обновлено
23.09.2019
Оценка
|
| ![]() |