Блоги (мнения)
Ці чакае Польшчу новая «Салідарнасць»?
Тое, што адбываецца з Белсатам, нельга разглядаць асобна ад падзей, якія сення маюць месца ў грамадска-палітычным жыцці Польшчы. Прыходзіцца канстатаваць, што кіроўная партыя «Права і справядліваць» (ПіС) ўсе больш набывае рысы аўтарытарызму, спрабуе прымаць законы, якія звужаюць прастору свабоды і дэмакратыі, замахваюцца на правы чалавека. На гэтым фоне не выпадае здзіўляцца метамарфозе перамены польскай палітыкі ў дачыненні да Беларусі.
Агульнавядома, што крайнасці зыходзяцца, і правы радыкалізм, кансерватызм ПіС парадаксальна знайшоў агульную глебу з радыкальнай лявацкай ідэалогіяй беларускіх уладаў. Таму што і ў адным, і другім выпадку размова ідзе аб дамінаванні інтарэсаў дзяржавы перад інтарэсамі, правамі грамадзяніна. Татальным і брутальным – на Беларусі, больш мяккім, лайт-варыянце – у Польшчы. Таму кіроўны рэжым нашай краіны ўжо не падаецца для польскіх уладаў адыезным, а прэзідэнт Лукашэнка ператварыўся з жорсткага дыктатара ў такога сабе рахманага, «цеплага» чалавека. Цалкам лагічным выглядае ў такой сітуацыі і крок па згартанню дзейнасці Белсату. Парадокс таксама палягае ў тым, што ідэалогія ПіС ад пачатку выцякае з ідэалогіі знакамітага прафсаюза «Салідарнасць», а лідэры ПіС – былыя актыўныя дзеячы «Салідарнасці». То бок выходзіць, што сенняшнія ПіСаўцы змагаюцца супраць тых каштоўнасцяў свабоды і дэмакратыі, якія самі ж заваеўвалі для палякаў часта цаной свайго жыцця больш за 30 гадоў таму. Выпадкова ці не, але ўсе апошнія гады мы вымушаны канстатаваць і перамены ў стратэгіі самога прафсаюза «Салідарнасць». У БКДП не было больш блізкага за яго ідэалагічнага партнера. Менавіта з гэтай нагоды сваю першую дамову аб супрацоўніцтве мы падпісалі ў 2007-м годзе з "Салідарнасцю". Тагачаснае кіраўніцтва прафсаюза разумела сваю важную місію падтрымкі арганізацый, якія змагаюцца, як калісьці сусвет падтымліваў самую «Салідарнасць». Сенняшняе кіраўніцта прафсаюза фактычна выключыла са сваей стратэгіі міжнародныя сувязі, у тым ліку і сувязі з БКДП. Іронія лесу палягае ў тым, што ў нас сення значна больш цесныя стасункі з OPZZ, прафцэнтрам, які ствараўся ўрадам Ярузельскага ў 1984 годзе як процівага «Салідарнасці», якая тады была фактычна ў падполлі, чым з самой «Салідарнасцю». …У жніўні 2005 года мне давялося браць ўдзел і выступаць на юбілейным з'ездзе «Салідарнасці». Гэта была незабыўная падзея. Я выступаў адразу пасля Леха Валенсы. Уявіце сабе малюнак – разам з першым словам (я прамаўляў па - польску) падняліся як адзін усе 6 тысяч чалавек, якія знаходзіліся ў Палацы спорту ў Гданьску, і падчас ўсей прамовы скандзіравалі «Беларусь, вольная Беларусь!». У залі, акрамя дэлегатаў, знаходзілася ўся палітычная эліта краіны, у тым ліку – і браты Качыньскія. І, здавалася, няма той сілы, якая магла б змяніць стаўленне палякаў, якія ў пакутах здабылі свабоду, да беларусаў, якія за яе змагаюцца. Прайшло 11 гадоў, і іх аказалася дастаткова, каб верх у нашых суседзяў у дачыненні да Беларусі ўзяў палітычны прагматызм. Калі мець на ўвазе, што знешняя палітыка есць працяг унутранай, то, здаецца, што не выпадкова. Не ведаю, чым гэта скончыцца. Можа, сенняшняя палітычная апазіцыя ў Польшчы, партыя «Грамадзянская платформа», якая падаецца значна больш адэкватнай, чым улада, у стане прадухіліць пагрозу спаўзання да аўтарытарызму, якая зыходзіць ад ПіС? А калі не, ці не станем мы сведкамі з'яўлення яшчэ аднаго феномену кшталту «Салідарнасці», місія якой будзе палягаць у зберажанні заваеў першай «Салідарнасці» - каштоўнасцяў дэмакратыі і свабоды? І не толькі для палякаў, а для ўсіх, хто церпіць ад тыраніі, у тым ліку – і для беларусаў… Аляксандр Ярашук, старшыня БКДП |
Обновлено
21.12.2016
Оценка
|
| ![]() |
ТОП НОВОСТИ