Александр Ярошук: Што інкрымінуюць Зінаідзе Міхнюк — неістотна, паколькі зараз мы жывем у такі час, што кожнага у любы момант могуць павязаць і прад’явіць абвінавачванні ў чым заўгодна.

    Вайна на два франты

    Не мінае і дня, каб у краіне не адбываліся затрыманні, арышты, асуджэнні. Пад каток тэрору і рэпрэсій пападае ўсё больш беларусаў. У іх ліку – і сябры незалежных прафсаюзаў. Ужо каля месяца адбывае адміністрацыйны арышт агулам на 45 содняў лідэр незалежнага прафсаюза наваполацкага ААТ “Нафтан” Вольга Брыцікава. Другі раз запар пасля двухнядзельнага перапынку быў асуджаны на днях на 15 содняў намеснік старшыні Свабоднага прафсаюза металістаў Аляксандр Еўдакімчык.

    І цяпер яшчэ адна аглушальная навіна з Бярэсця – АМАПаўцы ў Дзень Волі 25 сакавіка ўварваліся ў дом Зінаіды Міхнюк, актывісткі прафсаюза РЭП, правялі вобшук і затрымалі яе ў звязку з тым, што супраць яе ўзбуджана крымінальная справа. Што там ёй інкрымінуюць — неістотна, паколькі зараз мы жывем у такі час, што кожнага у любы момант могуць павязаць і прад’явіць абвінавачванні ў чым заўгодна. Рэпрэсіі і тэрор сталі новай нармальнасцю ў краіне.

    Няма сэнсу ўшчуваць тых, хто запусціў гэтыя працэсы у грамадзстве і заклікаць да таго, каб яны спынілі рэпрэсіі і пачалі выконваць законы і Канстытуцыю. Асабліва бессэнсоўна гэтым займацца на тле вайны, якую Расея развязала з Украінай, саўдзел у якой узяла Беларусь. Трэба рэальна зрабіцца самагубцам, каб увязацца на баку Расеі ў вайну ва Украіне, якую Расея відавочна прайграе, і пры гэтым працягваць ваяваць з уласным народам, жорстка распраўляючыся з іншадумцамі. Можна не сумнявацца, якім будзе зыход для тых, хто ваюе адразу на двух франтах, знешнім і унутраным, і што яны атрымаюць у выніку. У гісторыі гэта ўжо адбывалася.

    Александр Ярошук, лидер БКДП

    31.03.2022