Армію свабоднай краіны перамагчы немагчыма

    Прадстаўнік прэзыдэнта Украіны Арэстовіч, выступаючы ўчора падчас брыфінгу, даў характэрыстыку беларускай арміі, якая гатова, па яго словах, для ваеннай агрэсіі супраць Украіны.

    Ён распавёў, што з 45 тысяч асабовага складу, які яна налічвае, больш-менш падрыхтаваных да ваенных дзеянняў налічваецца 17 тысяч. І зневажальна дадаў, што гэта для Украіны не пагроза, гэта кропля ў моры. Напэўна, ён меў на ўвазе, што гэтая кропля бясследна знікне, растворыцца на неабсяжных прасторах нашай паўдневай суседкі, стане ўгнаеннем для яе і без таго ўрадлівых чарназёмаў.

    Для нас цяпер відавочна, што украінцы сур’езна рыхтаваліся да вайны і вывучалі патэнцыйнага агрэсара. У тым ліку – і беларускую армію. Яны цудоўна ведалі тое, што ведаем і мы. Што наша армія – гэта, як і многа што іншае ў краіне, не больш чым паказуха, бутафорыя. Што галоўнае яе прызначэнне – удзел у парадах. Таму украінцы так спакойна ставяцца да магчымасці ўварвання нашых ваяк у іх краіну. Яны гатовыя сцерці іх з твару зямлі.

    Год 15 таму мне давялося мець размову з капітанам I ранга ў адстаўцы. У 90-я ён стажыраваўся паўгода па ўзаемаабмену з ВМФ ЗША на іх крэйсеры. Тады гэта было ў парадку рэчаў. Ён заявіў, што амерыканскія ўзброеныя сілы немагчыма перамагчы. “Таму што такі высокі ўзровень узбраення ў іх?” – было маё пытанне. “З гэтым таксама ўсё больш чым ў парадку. Але галоўнае ў другім. Я быў шакаваны стасункамі на караблі паміж маракамі і іх камандзірамі. Шэраговы матрос размаўляе з адміралам на роўных. Гэта ўзаемаадносіны свабодных людзей. Як ваенны чалавек, я заяўляю, што такую армію, армію свабодных людзей, перамагчы немагчыма.”

    Україна – краіна свабодных людзей, яе армія магутная не зброяй, хаця, падобна на тое, што і са зброяй у іх усё ў парадку, а духам. Гэта дух уласцівы толькі выключна вольным, свабодным людзям, таму перамагчы іх немагчыма. Беларусь – таталітарная краіна, і ўсім яе інстытутам, уключна з арміяй, уласцівы ўсе якасці таталітарызму. Усё трымаецца на страху, боязні. Радавыя баяцца афіцэраў, афіцэры дрыжаць перад генераламі, генералы трасуцца перад галоўнакамандуючым. Усё гэта разам з нізкім узроўнем ўзбраення і боегатоўнасці і дае падставу для украінцаў не ставіцца да яе сур’езна. “Хочаце ў пекла, беларускія ваякі? Калі ласка!” – лёгка чытаецца ў рыторыцы і прэзідэнта Зяленскага, і вайсковых камандзіраў украінскай арміі.

    Падобна на тое, што рашэнне паваяваць з Украінай на баку Расеі дзейнай уладай ужо прынятае. Ну што ж, у такім выпадку кубак ганьбы нам усім прыдзецца выпіць да дна. Прыйдзецца перажыць своё катарсіс, сваё пакаянне, каб з’явілася, нарэшце, магчымасць адбудаваць новую дэмакратычную краіну. Краіну свабодных, вольных, людзей. Дзе ўсё сапраўднае, як у нашых паўднёвых суседзяў. У тым ліку і сапраўдная, народная, а не бутафорская, не паказушная, армія.

     

    28.02.2022