Калі да катастрофы паўкрока..

    Мяркуючы па ўсім, сёння – заўтра беларуская армія можа ўступіць у вайну супраць Украіны. Без яе ўдзелу расейцам узяць Кіеў не выпадае. Хутчэй за ўсё, гэта будзе 4-5 тысячаў найбольш падрыхтаваных войскаў. Акрамя ваеннага, тут будзе і палітычны разлік – надаць “пачэснае права” беларусам узяць сталіцу Украіны і “ўзняць сцяг над логавам нацыяналістаў”. Тым самым павязаць усю беларускую нацыю крывею украінцаў. Гэта такая адмысловая цынічная вытанчаная ганьба для беларусаў.

    Паколькі Беларусь не будзе аб’яўляць Украіне вайну і будзе лічыць гэта спецаперацыяй, як і Расея, то і ніякіх страт ў нашых войскаў не будзе. Бацькі беларускіх ваенных павінны быць гатовыя да таго, што ніхто з іх “пахаванак” не атрымае, хоць забітых могуць быць сотні і тысячы.

    Наступнае. Пасля ўвода нашых войскаў ва Украіну зусім верагодна, што Україна пачне абстрэл нашых прыгранічных гарадоў – Гомеля, Мазыра, Пінска і Бярэсця. Гэтак жа як з нашай тэрыторыі абстрэльваліся Жытомір і Чарнігаў. Канешне, аб’ектамі абстрэлу будуць не грамадянскія, а ваенныя ды стратэгічныя аб’екты, той жа Мазырскі НПЗ і іншыя. Але няма ніякай гарантыі, што ахвярамі ракет, бомб і снарадаў не стануць мірныя грамадзяне, дарослыя і дзеці. І язык не павернецца абвінавачваць украінцаў у гэтым – не яны на нас напалі, а мы на іх.

    Далей. Далёка не факт, што з дапамагой беларускіх войскаў у Расеі атрымаецца ўзяць Кіеў. Але калі  атрымаецца, то гэта абсалютна нічога не вырашае для зыходу вайны. Украінцы не скарацца, і Кіеў стане пеклам для акупантаў, у тым ліку і беларускіх.

    Калі ўсё ж украінцы адстаяць і Кіеў, і Харкаў, і другія буйныя гарады, што, хутчэй за ўсё і будзе, то трэба быць гатовым да таго, што расейскае кіраўніцтва пойдзе на прымяненне ядравай зброі. Казаць пра гэта цяжка, але трэба глядзець праўдзе ў вочы. Тым больш украінцам і нам, нацыям, якія перажылі Чарнобыль. Можа, на наш лёс выпадзе і яшчэ адна ядравая катастрофа.

    Далей загадваць не будзем не таму, што гісторыя на гэтым заканчваецца. Наадварот, таму што будзе перавернута самая трагічная яе старонка. І усім, хто выжыве, ацалее, а такіх будзе большасць, трэба рыхтавацца да жыцця пасля катастрофы, катарсіса. Перад усім трэба будзе кожнаму адказаць на непазбежнае суворае пытанне – як мы дайшлі да такога жыцця. І што трэба зрабіць, каб больш ніколі…

    01.03.2022