Пра адказнасць беларусаў за вайну ва Украіне

    Першае. Ніколі не бывае лішнім несці грамадзянскую адказнасць за ўсё, што адбываецца ў тваёй краіне. Калі б мы кіраваліся гэтым прынцыпам, то, цалкам верагодна, змаглі б ужо давесці справу да перамен у Беларусі. На жаль, толькі малая частка грамадства добрых чвэрць стагоддзя адчувала гэтую адказнасць і намагалася змяніць сітуацыю ў краіне.  І толькі два гады таму гэтая меншасць была пачутая большасцю грамадзян. Але да гэтага часу дзейсны рэжым настолькі ўзмацніўся, што праз тэрор і гвалт  змог жорстка падавіць мірны пратэст беларусаў супраць сфальсіфікаваных выбараў і захаваццца.

    Другое. З разуменнем стаўлюся да абвінавачванняў украінцаў на адрас беларусаў за саўдзел у ваеннай агрэсіі Расеі супраць Украіны. Цяжка стрымліваць эмоцыі і не да палітэсу, калі з тэрыторыі суседняй краіны ўводзяцца войскі агрэсара, ляцяць ракеты, узлятаюць самалёты, якія забіваюць мірных грамадзян, жанчын, дзяцей, старых. Таму не магу сабе дазволіць крыўдзіцца на украінцаў за абвінавачванне беларусаў ў датычнасці да тых ваенных злачынстваў, што ажыццяўляюцца супраць іх нацыі.

    Трэцяе. Беларусь прызнана саўдзельнікам Расеі у ваеннай агрэсіі ва Украіне. Супраць яе, як і супраць Расеі, уводзяцца эканамічныя санкцыі. Відавочна, што мэтай міжнароднай супольнасці з’яўляецца зруйнаванне эканомікі краін-агрэсараў, стварэнне праз гэта перадумоў падзення таталітарных рэжымаў у Расеі і Беларусі як перманентнай пагрозы ваеннай агрэсіі і развязвання сусветнай вайны. То бок, толькі выключна таму, што Беларусь прызнана краінай-агрэсарам ў вайне супраць Украіны і нясе адказнасць за гэта як суб’ект міжнароднага права, міжнародная супольнасць будзе разглядаць Беларусь як пагрозу  сістэмы міжнароднай бяспекі і будзе ставіць у якасці стратэгічнай мэты зыход дзейснага палітычнага рэжыму як віноўніка гэтых пагроз. Такім чынам, у кожнага медаля ёсць свой адваротны бок.

    18.03.2022