Польская «Салідарнасць» з намі!!!
Зварот старшыні Незалежнага самакіруемага прафсаюза “Салідарнасць” (Польшча) Петра Дуды да беларусаў.
Сябры,
Беларусы,
удзельнікі мірных дэманстрацый!
З вялікім непакоем і заклапочанасцю назіраем за развіццём падзей у Беларусі пасля фальсіфікацыі прэзідэнцкіх выбараў. Аляксандр Лукашэнка абраў шлях жорсткага супрацьстаяння і брутальных разгонаў мірных дэманстрацыяў беларусаў. Улада ўдзельнічае ў варварскім гвалце і жорсткіх зверствах, якія не маюць ніякага рацыянальнага апраўдання, акрамя адчайнай абароны дыктатуры. Сцэны жорсткага і некантраляванага гвалту распаўсюдзіліся па ўсім свеце, выклікаючы страх, гнеў, спачуванне ахвярам і пагарду да злачынцаў.
Мы, чальцы прафсаюзаў і польскія працоўныя, выказваем салідарнасць з нашымі калегамі – рабочымі і служачымі беларускіх прадпрыемстваў – хочам падзяліцца з вамі сваім вопытам з часоў барацьбы з камуністычнай дыктатурай.
У Польшчы мы добра ведалі катаванні, пераслед і збіццё, атакі міліцыі на безабаронны натоўп і адчай сем’яў, якія шукаюць сваіх родных у шпіталях і турмах. Ваш драматычны вопыт быў таксама і нашым лёсам. Вялікія сацыяльныя пратэсты ў камуністычнай Польшчы былі бязлітасна падаўленыя, а таталітарныя ўлады не грэбавалі нават выкарыстаннем арміі і агнястрэльнай зброі. Польскія рабочыя добра памятаюць, чым скончваецца непасрэднае супрацьстаянне з узброеным і бязлітасным ворагам: сотні расстраляных дэманстрантаў на вуліцах польскіх гарадоў у чэрвені 1956 г. і снежні 1970 г., а таксама па начах у часе ваеннага становішча.
За гады камунізму мы зразумелі, што ў сутыкненні з бронеаўтамабілямі, кардонамі праваахоўных органаў, слезацечным газам і агнястрэльнай зброяй, звычайныя людзі на вуліцы практычна безабаронныя нават у шматлюдных дэманстрацыях.
Аднак жа, мы перамаглі, між іншым, дзякуючы прынятай намі стратэгіі барацьбы – стратэгіі выкарыстання нашых працоўных месцаў як найлепшага месца для абароны сваіх правоў. Дзякуючы забастоўкам на судаверфях, металургічных заводах, шахтах, ваенных заводах і на грамадскім транспарце, уладам прыйшлося адступіць і пагадзіцца на стварэнне незалежнага агульнанацыянальнага прафсаюза, які абʼяднаў усіх працоўных, якія жадалі грамадзянскіх правоў для сябе і свабоды для ўсёй краіны. Так быў створаны наш прафсаюз – «Салідарнасць».
Наш вопыт шматгадовай барацьбы за свабоду паказаў, што вырашальным фактарам перамогі ў Польшчы былі не вулічныя дэманстрацыі, а масавыя забастоўкі соцень тысяч працаўнікоў на працоўных месцах па ўсёй краіне, што прывяло да фактычнага паралічу дзяржавы. Мы ладзілі забастоўкі, стваралі агульнапрамысловыя стачкамы і трымаліся на працоўных месцах так доўга, пакуль не прымусілі супрацьлеглы бок саступіць і распачаць дыялог. Дзякуючы гэтаму, камуністы падпісалі сацыяльныя абавязальніцтвы з бастуючымі, што прывяло да канца дыктатуры.
Узгадваючы ўласныя ўражанні, мы заклікаем вас сёння – ідзіце тым самым шляхам!
Ад імя незалежнага прафсаюза «Салідарнасць» мы заяўляем пра ўсялякую падтрымку і дапамогу, якая толькі магчымая з нашага боку. Ужо сёння мы ствараем фонд дапамогі «Салідарнасць з Беларуссю», у рамах якога мы будзем збіраць сродкі для канкрэтнай дапамогі бастуючым беларусам.
У 40-ю гадавіну вялікай перамогі нашага Незалежнага агульнаныянальнага прафсаюза «Салідарнасць», для нас відавочна, што мы стаім разам з вамі, гатовы падтрымаць вас усімі магчымымі мірнымі шляхамі.
Мы з вамі!
Беларусы,
удзельнікі мірных дэманстрацый!










25.08.2020